АНАРХІСТЫ ПАДЧАС РЭВАЛЮЦЫІ Ў РАСЕІ 191721 Г.
(Анархісты ў пачатку рэвалюцыі. Махноўшчына (191821). Кранштацкае паўстаньне 1921.)

 


Анархісты ў пачатку рэвалюцыі. Рух анархістаў у Расеі ніколі ня быў адзіным і дзейнічаў у выглядзе шматлікіх плыняў і груповак. Рознастайныя анархісцкія арганізацыі і групы, якія ў вялікай колькасьці зьявіліся падчас рэвалюцыі 190507 г., напрацягу наступнага дзесяцігодзьдзя былі разгромленыя царскай ахранкай або сышлі ў глыбокае падпольле. Толькі пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. і амністыі палітвязьняў заўважаецца пэўны ўздым анархісцкай актыўнасьці ў рэвалюцыйнай Расеі.

Цэнтрамі анархістычнага руху падчас рэвалюцыі былі спачатку Петраград і Кранштат, а потым Масква і Ўкраіна (дзе дзейнічала Канфэдэрацыя анархістаў Украіны Набат, якая была цесна зьвязаная з паўстанцкай арміяй Н. Махно); моцны анархісцкі партызанскі рух існаваў у Сібіры. Узьнікла некалькі анархістычных выдавецтваў; актыўна дзейнічала цэлая плеяда таленавітых і арыгінальных анархісцкіх тэарэтыкаў, сярод якіх варта назваць А. Баравога, Д. Навамірскага, В. Воліна, Г. Максімава і інш.

У ліпені 1917 году анархісты былі ініцыятарамі масавых дэманстрацыяў у Петраградзе, якія амаль не прывялі да падзеньня Часовага ўраду. У Маскве, Петраградзе, Кранштаце і іншых гарадах распачалі сваю дзейнасьць шматлікія групы і фэдэрацыі анархістаў, выходзілі вялікім тыражом іхныя штодзённыя газэты; значным уплывам карысталіся анарха-сындыкалісты ў шэрагу прафсаюзаў. Фэдэрацыя анархісцкіх груп Масквы ўзімку 191718 г. захапіла некалькі дзясяткаў купецкіх асабнякоў, якія ператвараліся ў Дамы Анархіі (своеасаблівыя сквоты) там утвараліся клюбы, лекторы, бібліятэкі, тыпаграфіі, базаваліся атрады Чорнай Гвардыі, якія налічвалі 34 тысячы байцоў. Разгарнулі шырокую агітацыйную дзейнасьць Саюз анархістычнай прапаганды і маладзёвыя анархісцкія арганізацыі і саюзы.

Бальшавікі, якія да гэтуль глядзелі на анархістаў як на часовых спадарожнікаў, адчулі пагрозу, што сыходзіла ад анархістычнага руху, які ўсё больш авалодваў масамі, і вырашылі перайсьці ад саюзу да рэпрэсіяў у дачыненьні да анархістаў. Пад прыкрыцьцём барацьбы з крыміналам у красавіку 1918 году чэкісты й латыскія стралкі раптоўна ажыцьцявілі напады на Дамы Анархіі, зрабілі масавыя арышты сярод анархістаў, зачынілі большую частку анархісцкай прэсы. Выкарыстаўшы стыхійныя анархічныя настроі народных мас, бальшавікі цяпер, дарваўшыся да ўлады, усё далей адыходзілі ад сваіх былых саюзьнікаў, фактычна аднаўляючы ў новым псэўдарэвалюцыйным абліччы ўсё тую ж расейскую самадзяржаўную сыстэму з усяўладзьдзем чынавенства і паліцыі, бяспраўнасьцю асобы, эксплюатацыяй працоўных, вайсковай павіннасьцю і імпэрскай нацыянальнай і зьнешняй палітыкай. Змагаючыся супраць бальшавіцкай дыктатуры за пачатковыя ідэалы Рэвалюцыі перадачу зямлі сялянам, фабрык рабочым (а не дзяржаве), стварэньне свабодных беспартыйных Саветаў (не герархічных органаў улады, але заснаваных на прынцыпе дэлегаваньня органаў народнага самакіраваньня), усеагульнае ўзбраеньне народу і г.д. анархісты яшчэ больш рашуча выступалі і супраць белай контаррэвалюцыі.

Улетку-ўвосень 1919 г. у Маскве дзейнічала Арганізацыя анархістаў падпольля, якая была цесна зьвязаная з махноўскім паўстанцкім рухам. Яны выпускалі газэту Анархия і прапагандысцкія ўлёткі. Але больш за ўсё гэтая група праславілася падрывам маскоўскага гаркаму партыі бальшавікоў 25 верасьня 1919 г. Аднак неўзабаве анархісты падпольля былі адсочаныя чэкістамі і зьнішчаныя.

Махноўшчына (191821). Найбольш яркім эпізодам грамадзянскай вайны ў Расеі і ва Ўкраіне, зьвязанай з анархістычным рухам, была дзейнасьць Паўстанцкай народнай арміі на чале зь Нестарам Махно. Пад кантролем гэтай арміі ў 191821 гады апынулася значная частка тэрыторыі Ўкраіны. На гэтую тэрыторыю па чарзе наступалі нямецкія кайзэраўскія войскі, бальшавікі, дзянікінцы, урангелеўцы, ізноў бальшавікі. І з усімі імі махноўцам прыйшлося весьці жорсткую барацьбу.

Досьвед махноўскага руху паказаў, што тэрытарыяльная армія, заснаваная на ўзбраеньні насельніцтва, выбарнасьці камандзіраў і сьвядомай, а ня палачнай дысцыпліне, нашмат эфэктыўнейшая за рэгулярныя гвалтоўна скалочаныя белыя і чырвоныя часткі. (Дарэчы, менавіта махноўцы вынайшлі славутую тачанку.) Шмат разоў Гуляйпольскі раён быў акупаваны захопнікамі, не аднойчы розныя начальнікі рапартавалі ўверх аб тым, што з Махно пакончана. Але зноў паўстанцы выходзілі зь лясоў зямля гарэла пад нагамі бальшавікоў і белагвардзейцаў. А бацька Махно адзінаццаць разоў быўшы параненым, некалькі разоў здраджаны сваімі саюзьнікамі-бальшавікамі, якія то ўзнагароджвалі яго, то расстрэльвалі ягоны штаб і вераломна зьнішчалі ягоную коньніцу, што ваявала побач з чырвонымі ў 1920 годзе супраць Урангеля і першай фарсіявала Сіваш і ўварвалася ў Крым, зноў сыходзіў з пасткі і падымаў чорны сьцяг паўстаньня.

І насельніцтва падтрымлівала Махно, бо ён змагаўся не за дыктатуру пралетарыяту, не за рэстаўрацыю самадзяржаўя, не за ўладу нейкай парты або нацыі, а за тое, што здавалася тады людзям натуральным: за зямлю і волю, за народнае самакіраваньне, заснаванае на фэдэрацыі беспартыйных Саветаў.

Сярод кашмараў грамадзянскай вайны махноўскі Гуляйпольскі раён быў досыць свабодным месцам: у ім дазвалялася палітычная агітацыя ўсіх сацыялістычных партыяў і груп (ад бальшавікоў да эсэраў). Махноўскі раён быў амаль ці ня самай свабоднай эканамічнай зонай, дзе існавалі разнастайныя формы землекарыстаньня (вядома ж, акрамя памешчыцкага): і камуны, і каапэратывы, і прыватныя працоўныя сялянскія гаспадаркі (без выкарыстаньня працы батракоў).

Гуляйпольскі раён ня толькі адбіваўся ад наступаў праціўніка, але і жыў, будаваў сваю сыстэму самакіраваньня ня выдуманую кабінэтнымі тэарэтыкамі, а народжаную самім жыцьцём, творчасьцю людзей. Сыстэма саветаў паказала тут, што яна можа нават у надзвычайных, ваенных умовах нармальна працаваць і ня быць пры гэтым шырмай для парткамаў, не стварае адзінага бюракратычнага маналіту, а функцыянуе ў сваім пачатковым выглядзе: у выглядзе сходаў дэлегатаў, якія прымаюць рашэньні ў адпаведнасьці з дадзенымі насельніцтвам указаньнямі.

Махноўскі рух, які дасягнуў найвышэйшага размаху ў 19191920 г., паступова пайшоў на спад пасьля абвяшчэньня г.зв. новай эканамічнай палітыкі. Сацыяльная база руху стала рэзка звужацца пасьля таго, як бальшавікі скасавалі продразвёрстку і дазволілі сялянам прадаваць лішкі хлеба на рынку. Рэшткі паўстанцкай арміі былі разьбітыя будзёнаўскай коньніцай у 1921 годзе. Махно з атрадам байцоў прарваўся ў Румынію, дзе быў неўзабаве арыштаваны як бальшавіцкі шпіён. Пачаліся блуканьні па румынскіх, польскіх, нямецкіх турмах і лягерах, напаўгалоднае жыцьцё ў Парыжу, дыскусіі з таварышамі ў спробе асэнсаваць досьвед барацьбы. Памёр Нестар Махно ў Парыжу ў 1934 годзе і пахаваны на могілках Пэр-Ляшэз, побач з парыскімі камунарамі.


Source: КАРОТКІ КУРС ГІСТОРЫІ АНАРХІЗМУ (ПАД РЭДАКЦЫЯЙ ПАЎЛЮКА КАНАВАЛЬЧЫКА)

Return to The Nestor Makhno Archive

Other pages connected to this site:

Anarchist Groups & Organizations

An Anarchist Reader

L@ Pagin@ di nestor mcnab